Бібліятэка ў аграгарадку Новыя Саматэвічы вось ужо шмат
гадоў расчыняе дзверы для сваіх чытачоў. Чытачы тут рознага ўзросту, розных
прафесій, розных інтарэсаў. З году ў год прыходзяць яны сюды, каб акунуцца ў
разнастайны кніжны свет і выбраць кнігу для душы. Вясковая бібліятэка сёння –
гэта адзіная ўстанова ў аграгарадку, якая дае ў карыстанне кнігі бясплатна,
забяспечвае прававой інфармацыяй, далучае да культурных каштоўнасцей.
Саматэвіцкая
бібліятэка пачала сваю гісторыю ў 1921 годзе з адкрыцця хаты-чытальні. Аднак,
больш дакладныя звесткі аб рабоце ўстановы нам вядомы з 1927 года. З 1927 года па
1930 год заведваў хатай-чытальняй Сапега Улас Сцяпанавіч, якога, паводле яго перапіскі
з Давыдзенка Надзеяй Аляксееўнай, пасля дэмабілізацыі з дзеючай службы ў
Чырвонай Арміі Калінінскі Акруговы палітпрасвет прызначыў загадчыкам
хатай-чытальняй. Улас Сцяпанавіч Сапега прыняў невялікую кучу кніг і брашур,
зваленых на падлозе. Памяшканне было старое. Усяго паслугамі хаты-чытальні
карысталіся 32 чытачы. Дарослае насельніцтва хату-чытальню амаль не наведвала. Абкамам партыі і акруговым
палітпрасветам была дадзена ўстаноўка: рыхтаваць
сялян да новага сацыялістычнага ладу ў вёсцы, на што павінна быць накіравана
ўся палітыка-выхаваўчая праца хаты-чытальні. Каб выканаць гэту задачу, маладому
бібліятэкару неабходна была матэрыяльная падтрымка, за якой ён звярнуўся да
самой Н. К. Крупскай. Пісьмо >>>
І дапамога
прыйшла. Становішча і адносіны да хаты-чытальні змяніліся. Сельскі Савет надаў
неабходную ўвагу добраўпарадкаванню хаты-чытальні: зашклілі вокны,
адрамантавалі дзверы, набылі газы, паліва, прывялі кніжны фонд у парадак. А
яшчэ Н.К. Крупская ў 1927 годзе выслала добрую, змястоўную бібліятэку для
хаты-чытальні, затым штогод папаўняла яе навінкамі літаратуры.
Сапегам быў распрацаваны план правядзення масавых мерапрыемстваў, і праз
два месяцы сцены хаты-чытальні не змяшчалі ўсіх жадаючых. Працавала ўстанова
без выхадных.
У вёсцы не было радыё. Па
ініцыятыве актывістаў і асабіста У.С. Сапегі зноў быў напісаны
ліст да Н.К.
Крупскай з просьбай, каб Надзея Канстанцінаўна
дапамагла набыць для хаты-чытальні радыёпрыёмнік.
У 1928 годзе
па распараджэнні Н.К. Крупскай хата-чытальня атрымала чатырохлампавы радыёпрыёмнік
серыі “БД” з камплектам батарэй. У той час такога прыёмніка не было нават у
Касцюковічах. Каб паслухаць Маскву, у Саматэвіцкую хату-чытальню прыходзілі
людзі нават з аддаленых вёсак. Яшчэ вядомы той факт, што У.С. Сапега ў 1928
годзе даў рэкамендацыю аб прыёме ў камсамол Аркадзю Куляшову, тадышняму
выпускніку мясцовай сямігодкі.
Саматэвіцкая
хата-чытальня была вельмі папулярным і наведваемым месцам у мястэчку. У 1930 годзе
яна абслугоўвала звыш 450 пастаянных чытачоў.
Падчас
Вялікай Айчыннай вайны памяшканне бібліятэкі было разбурана, кніжны фонд
знішчаны. Бібліятэка часова прыпыніла сваю дзейнасць. Зноў адкрылася яна толькі
ў 1949 годзе і размяшчалася ў адным памяшканні з сельскім Саветам. У аднаўленні
кніжнага фонду прымала ўдзел усё насельніцтва вёскі.
У пачатку
60-х гадоў у бібліятэцы быў арганізаваны адкрыты доступ да кніг. Дзеля
зручнасці чытачоў пачала працу бібліятэка-перасоўка на МТС і ў бальніцы.
Прыкметна было імкненне бібліятэкара дапамагчы жывёлаводам і хлебаробам
патрэбнай кнігай. Бібліятэка стала афармляць “Каляндар працоўнай славы”,
прымаць актыўны ўдзел у правядзенні “Дзён жывёлавода”, у афармленні і працы
чырвоных куткоў на жывёлагадоўчых фермах.
Саматэвіцкая
вясковая бібліятэка заўсёды была цэнтрам асветніцкай дзейнасці на вёсцы.
Шырокае развіццё атрымалі грамадскія пачаткі ў яе працы. Быў арганізаваны
Савет, у які ўваходзілі моладзь, рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. Рэгулярна
праводзіліся справаздачы бібліятэкі перад насельніцтвам, праводзіліся розныя
мерапрыемствы, удзел у якіх у свой час прымалі Аркадзь Куляшоў, Іван Чыгрынаў,
Леанід Левановіч, Мікалай Мельнікаў.
Значны ўклад у работу бібліятэкі ўнесла Давыдзенка Надзея
Аляксееўна, якая працавала ў ёй больш за 20 гадоў. Н.А. Давыдзенка сабрала
багатую гісторыю вёскі і сельскай бібліятэкі, аказала вялікую дапамогу ў
стварэнні літаратурнага музея А. Куляшова. Вяла вялікую грамадскую працу і актыўную
перапіску з вядомымі людзьмі, выхадцамі з вёскі.
Надзея
Аляксееўна старанна збірала і захавала багаты кніжны фонд бібліятэкі. На Куляшоўскія чытанні ў тыя гады з’язджаласяшмат паэтаў і пісьменнікаў з
Беларусі і іншых рэспублік СССР, і кожны з іх пабываў не толькі госцем у сельскай
бібліятэцы, але і аставіў ёй на памяць свае кнігі з аўтографамі.
Бібліятэкар
праводзіла вялікую працу па прыцягненні чытачоў да чытання літаратуры па
спецыяльнасці: складаліся інфармацыйныя спісы літаратуры, на вытворчых
планёрках са спецыялістамі саўгаса бібліятэкар знаёміла ўсіх з новымі
паступленнямі фонду па вытворчых пытаннях, вывешвала спісы ў памяшканні
канторы, на вытворчых участках, афармляла тэматычныя прагляды літаратуры ў
памяшканні бібліятэкі, у чырвоных кутках МТФ, у майстэрнях.
Катастрофа,
якая здарылася 26 красавіка 1986 года на Чарнобыльскай АЭС, не абмінула і Касцюковіцкі
раён. Вёска Саматэвічы ўвайшла ў зону адсялення. Па просьбе жыхароў старая
назва вёскі была захавана.
З 11
сакавіка 1994 года пасёлак носіць імя Новыя Саматэвічы. Акрамя Саматэвічаў у
пасёлак былі пераселены жыхары вёсак Прудок, Кісялёўка, Тарасаўка, пасёлак Чырвона-Маскоўскі,
а гэта значыць – уся зона абслугоўвання былой бібліятэкі, усе тыя ж чытачы і
работнікі саўгаса “Саматэвічы”. Гісторыя ўстановы працягваецца далей, толькі
зараз ужо ўлічваецца і самабытны ўклад вяскоўцаў вёскі Ліпаўка.
У
пабудаваным пасёлку бібліятэку адразу размясцілі ў памяшканні школы, выдзелілі
два вялікія пакоі.
У розныя
гады ў бібліятэцы працавалі А.В. Яленская (1989 -1994 гг.), А.А. Чарнякова
(1996-2003 гг.), В. Раманенка (2003-2004 гг.), Л. К. Казакова (2004-2005 гг.).
У 2005 годзе бібліятэка набыла статус бібліятэкі аграгарадка
Новыя Саматэвічы. Для яе быў набыты камп’ютар, пашырыліся магчымасці аказання
бібліятэчных і інфармацыйных паслуг, у тым ліку платных. Бібліятэку ўзначаліла
малады спецыяліст Негарожына М. Ю. Пры ўстанове быў арганізаваны клуб “Знаўцы”.
Займалася ў ім 18 дзяцей старэйшага ўзросту. Кіравалі працай клуба бібліятэкар
сумесна з настаўнікам гісторыі.
З 2018 года ўстанову
ўзначальвае Шорнікава Людміла Пятроўна. Бібліятэка аграгарадка Новыя Саматэвічы
абслугоўвае два населеныя пункты, якія размешчаны непадалёку адзін ад аднаго.
Пражывае ў іх 982 жыхары, 540 з іх з’яўляюцца чытачамі бібліятэкі. Бібліятэчны
фонд на 1.01.2019 года складае больш за 12 тысяч экзэмпляраў. Установа цесна
супрацоўнічае са школай, клубам вольнага часу. Чытачам прадстаўлена вялікая
падпіска перыядычных выданняў. Сёння тут створаны дзіцячы клуб знаўцаў “Пазнай-ка”,
факультатыў камп’ютарных ведаў “Смайлік”, праводзяцца шмат цікавых
мерапрыемстваў.
Сённяшняя
дзейнасць бібліятэкі абапіраецца на лепшыя традыцыі і набыткі мінулых гадоў,
спалучаючы іх з сучаснымі патрабаваннямі часу.
|